-
8.
Кіроўца мае права:
-
8.1.
кіраваць транспартным сродкам у вызначаным парадку;
-
8.2.
ведаць прычыну, па якой супрацоўнікам ДАІ, іншымі службовымі асобамі, названымi ў частцы трэцяй падпункта 9.1 пункта 9 дадзеных Правіл, спынены транспартны сродак, а таксама прозвішча і пасаду гэтых асоб. Пры гэтым асобы, якія валодаюць правам правяраць у кіроўцы дакументы, абавязаны прад'явіць па патрабаванні кіроўцы службовае пасведчанне;
-
8.3.
перадаваць кіраванне транспартным сродкам іншай асобе, якая мае пры сабе пасведчанне кіроўцы на права кіравання механічным транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі (пасведчанне трактарыста-машыніста адпаведнай катэгорыі з талонам да яго, часовы дазвол на права кіравання механічным транспартным сродкам) (калі не пазначана іншае, далей — пасведчанне кіроўцы).
-
9.
Кіроўца абавязаны:
-
9.1.
спыняцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ ў форменным адзенні, а таксама службовых асоб, названых у частцы трэцяй дадзенага падпункта.
Патрабаванне супрацоўніка ДАІ аб спыненні транспартнага сродку павінна быць пададзена ім своечасова, зразумела кіроўцу і выяўляецца шляхам падачы сігналу жазлом, жэстам рукі, з дапамогай гукаўзмацняльніка або шляхам уключэння на транспартным сродку аператыўнага прызначэння маячка чырвонага колеру.
Службовыя асобы Следчага камітэту, органаў унутраных спраў (акрамя супрацоўнікаў ДАІ), органаў дзяржаўнай аховы, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, унутраных войск Міністэрства ўнутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі, органаў пагранічнай службы, мытных органаў, Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, дзяржаўнай лясной аховы маюць права спынення транспартных сродкаў толькі для ажыццяўлення ўскладзеных на названыя органы функцый. Пры гэтым яны павінны быць у форменным адзенні, камізэльцы павышанай бачнасці з элементамі са святлоадбівальнага матэрыялу і выкарыстоўваць для падачы сігналу дыск з чырвоным сігналам (святлоадбівальнікам). Службовай асобай Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, які знаходзіцца ў спецыяльным аўтамабілі, што рухаецца, таксама можа быць пададзена патрабаванне аб спыненні транспартнага сродку, якое павінна быць своечасовым, зразумелым кіроўцу і выражацца праз уключэнне маячка сіняга колеру з выкарыстаннем спецыяльнай інфармацыйнай таблічкі (табло) і (або) гукаўзмацняльнай прылады.
У цёмны час сутак па-за населеным пунктам побач з названымі асобамі павінен знаходзіцца транспартны сродак аператыўнага прызначэння з уключаным маячком;
-
9.2.
па патрабаванні супрацоўніка ДАІ прайсці ў вызначаным парадку праверку (агляд) для вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага ўжываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;
-
9.3.
трымаць транспартны сродак, які ўдзельнічае ў дарожным руху, у тэхнічна спраўным стане, правяраць яго тэхнічны стан перад пачаткам руху, а таксама трымаць у чысціні шкло і знешнія светлавыя прыборы;
-
9.4.
своечасова прадстаўляць на дзяржаўны тэхнічны агляд механiчны транспартны сродак, які ўдзельнічае ў дарожным руху і знаходзіцца ў яго валоданні, а таксама прычэп (прычэпы) да яго;
-
9.5.
быць прышпіленым і не перавозіць пасажыраў з непрышпіленымі рамянямі бяспекі пры руху ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамянямі бяспекі, а пры руху на матацыкле, мапедзе — быць у зашпіленым моташлеме і не перавозіць пасажыраў без зашпіленага моташлема. Рамянём бяспекі таксама павінна быць прышпілена асоба, якая навучаецца кіраванню механічным транспартным сродкам.
Дапускаецца не прышпільвацца рамянямі бяспекі толькі для:
— асобы, якая навучае кіраванню механічным транспартным сродкам, калі транспартным сродкам кіруе асоба, якая навучаецца кіраванню;
— пасажыра транспартнага сродку аператыўнага прызначэння, кіроўцы аўтамабіля-таксі — пры руху ў населеным пункце;
— пасажыра і кіроўцы з медыцынскімі супрацьпаказаннямі, пералік якіх вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя;
-
9.6.
не выконваць дзеянняў, якія адцягваюць яго ад кіравання транспартным сродкам;
-
9.7.
забяспечыць бяспечныя ўмовы перавозкі пасажыраў;
-
9.8.
выязджаць на дарогу і з'язджаць з яе, пераязджаць раздзяляльную паласу, раздзяляльную зону ў вызначаных для гэтага месцах (месцы, пазначаныя адпаведнымі дарожнымі знакамі, дарожнай разметкай, абсталяваныя прыладамі, якія агароджваюць ці накіроўваюць і т.п.);
-
9.9.
саступаць дарогу пешаходам на нерэгулюемых пешаходных пераходах і рэгулюемых пешаходных пераходах пры адначасовым для кіроўцаў і пешаходаў дазваляльным сігнале рэгуліроўшчыка ці святлафора;
-
9.10.
пакідаць сваё месца або пакідаць транспартны сродак толькі ў выпадку, калі прыняты меры, якія выключаюць самаадвольны рух транспартнага сродку;
-
9.11.
пры перадачы кіравання механічным транспартным сродкам іншай асобе пераканацца ў наяўнасці ў яе пры сабе пасведчання кіроўцы (акрамя выпадку навучання кіраванню механічным транспартным сродкам);
-
9.12.
прадастаўляць транспартны сродак для вызвалення праезнай часткі дарогі ад транспартных сродкаў, пашкоджаных пры дарожна-транспартным здарэнні, а таксама дастаўляць на кіруемым транспартным сродку*:
— асоб, якія маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе, у бліжэйшую арганізацыю аховы здароўя па патрабаванні работнікаў праваахоўных органаў і арганізацый аховы здароўя;
— работнікаў арганізацый аховы здароўя для праезду да месца знаходжання хворага, жыццё якога знаходзіцца пад пагрозай;
— работнікаў праваахоўных органаў для выканання неадкладных службовых абавязкаў, звязаных з пераследам асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў, пры прыняцці названымі работнікамі належных мер па забеспячэнні бяспекі кіроўцы і пасажыраў транспартнага сродку.
* Дадзенае патрабаванне не распаўсюджваецца на транспартныя сродкі, якія належаць дыпламатычным прадстаўніцтвам, консульскім установам, міжнародным арганізацыям і грамадзянам замежных дзяржаў, якія карыстаюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь дыпламатычным імунітэтам.
Асоба, якая скарысталася транспартным сродкам, павінна па патрабаванні кіроўцы выдаць яму адпаведную даведку або зрабіць запіс у дарожны ліст з указаннем працягласці паездкі, пройдзенай адлегласці, свайго прозвішча, пасады, нумара службовага пасведчання, назвы адпаведнай арганізацыі. Выдаткі, звязаныя з прадастаўленнем транспартнага сродку, па патрабаванні ўладальніка транспартнага сродку пакрываюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам;
-
9.13.
навучаць кіраванню механічным транспартным сродкам у індывідуальным парадку толькі на пляцоўках або аўтадромах, закрытых для дарожнага руху, пры наяўнасці ў яго пасведчання кіроўцы і стажу кіроўцы не менш за два гады.
-
10.
Кіроўцу забараняецца:
-
10.1.
кіраваць транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама спажываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы пасля падачы супрацоўнікам органаў унутраных спраў патрабавання аб спыненні транспартнага сродку да праходжання ў вызначаным парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў. У гэтых выпадках супрацоўнікі ДАІ маюць права рабіць затрыманне і прымусовую адбуксіроўку транспартнага сродку пры адсутнасці іншай правамернай магчымасці даставіць транспартны сродак да месца захоўвання;
-
10.2.
кіраваць транспартным сродкам у хваравітым ці стомленым стане, які ставіць пад пагрозу бяспеку дарожнага руху, пад уздзеяннем лекавых сродкаў, якія зніжаюць увагу і хуткасць рэакцыі;
-
10.3.
удзельнічаць у дарожным руху на транспартным сродку, канструкцыя і тэхнічны стан якога не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд і працэдуру выдачы дазволу на яго допуск да ўдзелу ў дарожным руху, з забруджваннямі (наслаеннямі), якія абмяжоўваюць агляднасць дарогі, а таксама не дазваляюць бачыць інфармацыю на рэгістрацыйным знаку (часовым нумарным знаку) з адлегласці 40 метраў і менш;
-
10.4.
карыстацца падчас руху транспартнага сродку апаратам радыё- і тэлефоннай сувязі, не абсталяваным тэхнічнай прыладай, якая дазваляе весці перамовы без выкарыстання рук;
-
10.5.
рухацца на цяжкавагавым і (або) буйнагабарытным транспартным сродку без спецыяльнага дазволу на праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь, за выключэннем цяжкавагавага і (або) буйнагабарытнага транспартнага сродку, што заязджае (заехаў) на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь і перавышае дапушчальную агульную масу і (або) дапушчальную восевую масу да 10 працэнтаў уключна, або рухацца з парушэннем маршруту і ўмоў руху, указаных у спецыяльным дазволе на праезд цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання Рэспублікі Беларусь ці ў іншых дакументах, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
-
10.6.
рухацца на транспартным сродку на гусенічным ходзе або з металічнымі шыпамі (акрамя ашыпаваных шын) па дарозе агульнага карыстання з удасканаленым пакрыццём.
-
11.
Уладальніку транспартнага сродку або асобе, якая мае права на кіраванне транспартным сродкам, забараняецца перадаваць кіраванне транспартным сродкам іншай асобе:
-
11.1.
якая не мае пры сабе пасведчання кіроўцы;
-
11.2.
не пераканаўшыся, што асоба, якой перадаецца кіраванне транспартным сродкам, не знаходзiцца ў стане алкагольнага ап'янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.
-
12.
Кіроўца механічнага транспартнага сродку абавязаны мець пры сабе і перадаваць для праверкі:
-
12.1.
супрацоўнікам ДАІ:
-
12.1.1.
пасведчанне кіроўцы;
-
12.1.2.
пасведчанне аб рэгістрацыі (тэхнічны пашпарт, тэхнічны талон) механічнага транспартнага сродку, прычэпа (прычэпаў) да яго або пашпарт транспартнага сродку (яго шасі), які зроблены ў Рэспубліцы Беларусь і дастаўляецца да спажыўца або да месца дзяржаўнай рэгістрацыі сваім ходам (далей — пашпарт транспартнага сродку (шасі транспартнага сродку);
-
12.1.3.
дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху (за выключэннем транспартнага сродку, які раней не зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь і дастаўляецца спажыўцу або да месца дзяржаўнай рэгістрацыі сваім ходам);
-
12.1.4.
дакумент, які пацвярджае заключэнне дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартнага сродку (дагавор унутранага страхавання, ці дагавор комплекснага унутранага страхавання, ці дагавор памежнага страхавання, ці дагавор страхавання «Зялёная карта», дзейны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь), за выключэннем выпадкаў заключэння дагавора ўнутранага страхавання ў электронным выглядзе;
-
12.1.5.
дазвол органа сувязі на выкарыстанне сродкаў радыё- і спадарожнікавай сувязі пры іх наяўнасці на транспартным сродку ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам (за выключэннем кіроўцы транспартнага сродку аператыўнага прызначэння);
-
12.2.
службовым асобам, названым у частцы трэцяй падпункта 9.1 пункта 9 дадзеных Правіл, — дакумент, які сведчыць яго асобу, або пасведчанне кіроўцы, а службовым асобам Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый пры ажыццяўленні імі ўскладзеных на згаданую існпекцыю функцый таксама дакумент, указаны ў падпункце 12.1.2 гэтага пункта.
-
13.
Кіроўцы механічных транспартных сродкаў, што эксплуатуюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аўтамабільнага транспарту, таксама павінны мець пры сабе і перадаваць для праверкі супрацоўнікам ДАІ, службовым асобам Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый транспартныя і іншыя дакументы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.
Іншыя службовыя асобы маюць права праверкі дакументаў у кіроўцаў механічных транспартных сродкаў толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі для здзяйснення функцый, ускладзеных на адпаведныя дзяржаўныя органы.
-
14.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ці часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, пры кіраванні механічным транспартным сродкам абавязаны мець:
-
14.1.
дакументы, названыя ў падпунктах 12.1.3 (у выпадку кіравання транспартным сродкам, зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь), 12.1.4 і 12.1.5 пункта 12 дадзеных Правіл;
-
14.2.
нацыянальнае пасведчанне кіроўцы, якое адпавядае патрабаванням Канвенцыі аб дарожным руху, падпісанай у г. Вене 8 лістапада 1968 года (далей — Канвенцыя), а ў выпадку неадпаведнасці патрабаванням Канвенцыі — нацыянальнае пасведчанне кіроўцы з завераным перакладам на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь;
-
14.3.
пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку, якое адпавядае патрабаванням Канвенцыі, — у выпадку кіравання транспартным сродкам, які не зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь і часова знаходзіцца на яе тэрыторыі;
-
14.4.
на транспартным сродку рэгістрацыйныя знакі, выдадзеныя кампетэнтным органам дзяржавы, у якой ён зарэгістраваны.
-
15.
Кіроўца механічнага транспартнага сродку, абсталяванага тахографам, абавязаны прадастаўляць па патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ, службовых асоб Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый:
-
15.1.
пры аналагавым тахографе — рэгістрацыйныя лісткі (тахаграмы);
-
15.2.
пры лічбавым тахографе — картку кіроўцы, раздрукоўкі з тахографа, рэгістрацыйныя лісткі (тахаграмы), даць доступ да тахографа;
-
15.3.
пасведчанне аб праверцы (каліброўцы) тахографа.