-
194.
Забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку:
-
194.1.
канструкцыя і тэхнічны стан якога не адпавядае патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў;
-
194.2.
без усталяваных у прадугледжаных месцах рэгістрацыйных знакаў (часовых нумарных знакаў), транспартнага сродку, які мае сляды відазмянення або знішчэння рэгістрацыйных знакаў (часовых нумарных знакаў), а таксама маркіровак кузава, шасі, рамы, нанесеных на іх раней арганізацыяй (заводам)-вытворцам (за выключэннем зарэгістраваных у вызначаным парадку);
-
194.3.
з правабаковым размяшчэннем органаў кіравання транспартным сродкам (акрамя транспартных сродкаў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да 10 жніўня 2002 г., а таксама тых, якія належаць асобам, якія часова прыбылі ў Рэспубліку Беларусь);
-
194.4.
пераабсталяванага (шляхам змянення яго тыпу і (або) прызначэння, а таксама вагавых, габарытных і іншых тэхнічных характарыстык, прадугледжаных дакументацыяй арганізацыі (завода)-вытворцы, у тым ліку шляхам абсталявання транспартнага сродку маячкамі, спецыяльнымі гукавымі сігналамі) без узгаднення з ДАІ ў парадку, вызначаным Мiнiстэрствам унутраных спраў;
-
194.5.
не зарэгістраванага ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
-
194.6.
які не прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд, парадак правядзення якога вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
-
194.7.
пры наяўнасці няспраўнасці, названай у дадатку 4 да дадзеных Правіл;
-
194.8.
з няспраўнай рабочай тармазной сістэмай, рулявым кіраваннем;
-
194.9.
з няспраўнай счэпнай прыладай (у складзе аўтапоезда);
-
194.10.
з фарамі і (або) заднімі габарытнымі агнямі, якія не гараць (адсутнічаюць) у цёмны час сутак на неасветленых участках дарогі і (або) пры яе недастатковай бачнасці (фарамі, якія не гараць, лічацца фары, у якіх не гарыць (не працуе) ні блізкае, ні далёкае святло);
-
194.11.
з няспраўнымі шклоачышчальнікамі (падчас выпадзення ападкаў);
-
194.12.
шкло якога мае ступень святлопрапускання менш за:
70 працэнтаў — для ветравога шкла (шкла, якое ўжываецца для шклення пярэдняга праёма транспартнага сродку), пярэдняга бакавога шкла;
70 працэнтаў — для іншага шкла, калі на яго не нанесена арганізацыяй (заводам)-вытворцам маркіроўка, якая ўтрымлівае адно з наступных спалучэнняў знакаў: ”«43R», «V»; «43R», «V-VI»; «AS3»; «43R», «V», «AS3»;*
* Дадзеныя патрабаванні не распаўсюджваюцца на транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для транспартнага абслугоўвання, суправаджэння і забеспячэння бяспекі службовых асоб, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
-
194.13.
са знешне бачнымі наклейкамі (выявамі), акрамя апазнавальных знакаў транспартных сродкаў, што размяшчаюцца ў вызначаным парадку, прадугледжаных у дадатку 5 да дадзеных Правіл, рэкламы, інфармацыі аб прыналежнасці транспартнага сродку адпаведнай арганізацыі (індывідуальнаму прадпрымальніку).
-
195.
Забараняецца ўдзел у дарожным руху тралейбусаў і трамваяў пры наяўнасці адной і больш няспраўнасці, названай у тэхнічных нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць тэхнічны стан гэтых транспартных сродкаў.
-
196.
Пры ўзнікненні няспраўнасцей, за выключэннем названых у падпунктах 194.8–194.11 пункта 194 дадзеных Правіл, кіроўца павінен прыняць меры да іх ліквідацыі, а калі гэта немагчыма, ён можа рухацца да месца стаянкі або рамонту, выконваючы неабходныя меры засцярогі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху.
-
197.
На механічных транспартных сродках (акрамя трамваяў і тралейбусаў) і прычэпах у прадугледжаных месцах павінны быць устаноўлены рэгістрацыйныя знакі, якія адпавядаюць тэхнічным нарматыўным прававым актам (часовыя нумарныя знакі, якія адпавядаюць нарматыўным прававым актам). Пры гэтым:
-
197.1.
забараняецца ўстаноўка рэгістрацыйных знакаў, часовых нумарных знакаў, якія адрозніваюцца ад вызначаных узораў;
-
197.2.
на трамвай і тралейбус наносяцца рэгістрацыйныя нумары, якія прысвойваюцца Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
-
198.
Грузавыя аўтамабілі з бартавой платформай, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі пасажыраў, павінны быць абсталяваны сядзеннямі, замацаванымі на вышыні не менш за 0,3 метра ад верхняга краю борта ўніз да падлогі. Сядзенні, размешчаныя ўздоўж задняга і бакавых бартоў, павінны мець трывалыя спінкі.
Грузавыя аўтамабілі з кузавам-фургонам, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі пасажыраў, павінны быць абсталяваны сядзеннямі, замацаванымі на вышыні 0,3 — 0,5 метра ад падлогі.
-
199.
Механічныя транспартныя сродкі, што выкарыстоўваюцца для навучання кіраванню механічным транспартным сродкам і належаць вучэбным арганізацыям, павінны быць дадаткова абсталяваны:
-
199.1.
аўтамабіль (аўтобус):
педалямі прывода счаплення і тормаза, неабходнай колькасцю люстэркаў задняга віду для асобы, якая навучае кіраванню аўтамабілем (аўтобусам), а таксама пазначаны спераду і ззаду апазнавальным знакам «Вучэбны транспартны сродак». Педалі прывадаў счаплення і тормаза для асобы, якая навучаецца, і асобы, якая навучае кіраванню аўтамабілем (аўтобусам), дапушчаным да ўдзелу ў дарожным руху з 1 ліпеня 2003 г., павінны ўздзейнічаць на рабочы орган адпаведнай сістэмы незалежна адзін ад аднаго;
відэарэгістратарамі пры правядзенні экзаменаў у навучальнай арганізацыі. Парадак ужывання відэарэгістратараў устанаўліваецца тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, а парадак выкарыстання і захоўванні інфармацыі, атрыманай з іх дапамогай, – Міністэрствам транспарта і камунікацый па ўзгадненні з Міністэрствам унутраных спраў;
-
199.2.
тралейбус і трамвай — спецыяльнай кабінай з сядзеннем і люстэркам задняга віду для асобы, якая навучае кіраванню тралейбусам або трамваем, прыводамі тормазу, а таксама пазначаны спераду і ззаду апазнавальным знакам «Вучэбны транспартны сродак».
-
200.
Веласіпед павінен мець спраўныя тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, быць абсталяваным люстэркам задняга віду, спераду святлоадбівальнікам белага колеру, ззаду — святлоадбівальнікам (святлоадбівальнікамі) чырвонага колеру, а з кожнага боку — святлоадбівальнікамі аранжавага колеру.
Гужавы транспартны сродак павінен быць абсталяваны спераду святлоадбівальнікамі белага колеру, ззаду — чырвонага, мець прадугледжаныя канструкцыяй спраўную стаяначную тармазную прыладу і супрацьадкатныя ўпоры.
-
201.
На транспартных сродках павінны быць усталяваны апазнавальныя знакі, названыя ў дадатку 5 да дадзеных Правіл:
-
201.1.
«Аўтапоезд» — у выглядзе трох ліхтароў, якія выпраменьваюць аранжавае святло, гарызантальна размешчаных на даху кабіны, з прамежкам паміж імі ад 150 да 300 мм — на грузавых аўтамабілях і колавых трактарах (класаў цягі 1,4 тоны і вышэй) з прычэпамі, на сучлененых аўтобусах і тралейбусах або ў выглядзе верхніх габарытных ліхтароў у крайніх пярэдніх габарытных кропках даху кабіны на названых транспартных сродках;
-
201.2.
«Знак аварыйнага прыпынку» — у выпадках, прадугледжаных дадзенымі Правіламі;
-
201.3.
«Шыпы» — у выглядзе роўнастаронняга трохвугольніка белага колеру вяршыняй ўверх з аблямоўкай чырвонага колеру, у які ўпісана літара «Ш» чорнага колеру (старана трохвугольніка — не менш за 200 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 стараны), — ззаду механічных транспартных сродкаў, якія маюць ашыпаваныя шыны;
-
201.4.
«Вучэбны транспартны сродак» — у выглядзе роўнастаронняга трохвугольніка белага колеру вяршыняй уверх з аблямоўкай чырвонага колеру, у які ўпісана літара «У» чорнага колеру (старана трохвугольніка — не менш за 200 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 стараны), — спераду і ззаду механічных транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для навучання кіраванню механічным транспартным сродкам (на даху легкавых аўтамабіляў усталёўваецца двухбаковы знак, які свеціцца);
-
201.5.
«Абмежаванне хуткасці» — у выглядзе паменшанай каляровай выявы дарожнага знака «Абмежаванне максімальнай хуткасці» з указаннем дазволенай хуткасці руху (дыяметр знака — не менш за 160 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 дыяметра) — на заднім баку кузава злева механічных транспартных сродкаў, якія кіруюцца кіроўцамі са стажам кіроўцы менш за два гады, механічных транспартных сродкаў, якія перавозяць небяспечныя, цяжкавагавыя i (або) буйнагабарытныя грузы, а таксама ў выпадках, калі максімальная хуткасць руху транспартнага сродку па тэхнічнай характарыстыцы ніжэй за хуткасць руху, вызначаную ў пункце 89 дадзеных Правіл;
-
201.6.
«Перавозка дзяцей» — у выглядзе квадрата жоўтага колеру з аблямоўкай чырвонага колеру (старана квадрата — не менш за 250 мм, шырыня аблямоўкі — 1 / 10 стараны) з чорнай выявай сімвала дарожнага знака «Дзеці» — спераду і ззаду аўтобусаў пры перавозцы груп дзяцей;
-
201.7.
«Калона» — у выглядзе квадрата жоўтага колеру з аблямоўкай чырвонага колеру, у які ўпісана літара «К» чорнага колеру (старана квадрата — не менш за 300 мм, шырыня аблямоўкі — 1/10 стараны), — спераду і ззаду транспартных сродкаў, якія рухаюцца ў транспартнай калоне. Пры руху ў арганізаванай транспартнай калоне дадзены апазнавальны знак усталёўваецца спераду і ззаду толькі на транспартным сродку, які замыкае дадзеную калону і не з'яўляецца транспартным сродкам аператыўнага прызначэння;
-
201.8.
«Ціхаходны транспартны сродак» — ззаду транспартных сродкаў;
-
201.9.
«Распазнавальны знак транспартнага сродку Рэспублікі Беларусь» — на заднім баку кузава справа механічных транспартных сродкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Дадзены апазнавальны знак можа не ўсталёўвацца на транспартных сродках з рэгістрацыйнымі знакамі, якія змяшчаюць выяву сімвала «BY»;
-
201.10.
«Буйнагабарытны груз» — у выглядзе квадрата памерам 400 x 400 мм з нанесенымі па дыяганалі ад левага ніжняга да правага верхняга вугла чырвонымі і белымі палосамі, якія чаргуюцца, шырынёй 50 мм са святлоадбівальнай паверхняй — на крайніх знешніх частках грузу, які выступае за габарыты транспартных сродкаў;
-
201.11.
«Небяспечны груз» — у выглядзе прамавугольніка аранжавага колеру памерам 400 x 300 мм з аблямоўкай чорнага колеру шырынёй 15 мм, у верхняй частцы якога паказваецца ідэнтыфікацыйны нумар віду небяспекі, у ніжняй частцы — ідэнтыфікацыйны нумар адпаведнага небяспечнага рэчыва, і «Знак небяспекі» — у выглядзе ромба са стараной 250 мм, выява якога павінна адпавядаць класу небяспечнага рэчыва, — ўсталёўваюцца ў адпаведнасці з правіламі перавозкі небяспечных грузаў аўтамабільным транспартам;
-
201.12.
«Інвалід па слыху» — у выглядзе жоўтага круга дыяметрам 160 мм з нанесенымі ўнутры трыма чорнымі кружкамі дыяметрам 40 мм, размешчанымі па вуглах уяўнага роўнастаронняга трохвугольніка вяршыняй уніз, — спераду і ззаду механічных транспартных сродкаў, якімі кіруюць кіроўцы — інваліды па слыху;
-
201.13.
«Транспартны сродак вялікай грузападымальнасці», «Транспартны сродак вялікай даўжыні».
-
202.
Апазнавальныя знакі «Ціхаходны транспартны сродак», «Транспартны сродак вялікай грузападымальнасці», «Транспартны сродак вялікай даўжыні» павінны быць выраблены і ўсталяваны на транспартных сродках, а «Знак аварыйнага прыпынку» — выраблены ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
-
203.
Па жаданні кіроўцы могуць быць усталяваны апазнавальныя знакі:
-
203.1.
«Інвалід» — у выглядзе квадрата жоўтага колеру са стараной 150 мм і з выявай сімвала дарожнага знака «Інваліды» чорнага колеру — спераду і ззаду механічных транспартных сродкаў, якімі кіруюць інваліды I, II групы, а таксама інваліды III групы з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, або якія перавозяць такіх інвалідаў;
-
203.2.
«Урач» — у выглядзе квадрата сіняга колеру са стараной 140 мм з упісаным у яго белым кругам дыяметрам 125 мм, на які нанесены зялёны крыж (вышыня квадрата — 90 мм, шырыня рыскі штрыха — 25 мм), — спераду і ззаду аўтамабіляў, якімі кіруюць кіроўцы-ўрачы.
-
204.
Дазваляецца ўстаноўка святлоадбівальных стужак (палос) чырвонага колеру ззаду і белага колеру спераду транспартных сродкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
-
205.
Транспартныя сродкі (акрамя тых, якія прыналежаць Міністэрству абароны, Міністэрству ўнутраных спраў, Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, іншым войскам і вайсковым фарміраванням Рэспублікі Беларусь) павінны быць пазначаны маркіроўкай з палепшанымі святлоадбівальнымі характарыстыкамі ў выпадках, прадугледжаных тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі.
-
206.
Папераджальныя прылады для абазначэння гнуткіх сувязных звёнаў пры буксіроўцы механічных транспартных сродкаў павінны выконвацца ў выглядзе сцяжкоў ці шчыткоў памерам 200 x 200 мм з нанесенымі на іх па дыяганалі чырвонымі і белымі палосамі, якія чаргуюцца, шырынёй 50 мм са святлоадбівальнай паверхняй. На гнуткім сувязным звяне павінна быць усталявана не менш за дзве названыя папераджальныя прылады.
-
207.
Канструкцыя жорсткай буксіруючай прылады павінна адпавядаць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
-
2071.
Пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон уключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тон, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Зімовыя шыны ўсталёўваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны адпавядаць патрабаванням часткi другой пункта 25 дадатка 4 да гэтых Правіл.