-
75.
Колькасць палос руху для транспартных сродкаў (за выключэннем трамваяў і аднакалейных транспартных сродкаў) вызначаецца дарожнымі знакамі «Напрамкі руху па палосах», «Напрамак руху па паласе», «Напрамак руху па палосах» і (або) гарызантальнай дарожнай разметкай, а калі іх няма, то самімі кіроўцамі з улікам шырыні праезнай часткі дарогі, габарытаў транспартных сродкаў і неабходных бакавых інтэрвалаў паміж імі.
Пры адсутнасці дарожных знакаў і гарызантальнай дарожнай разметкі палова шырыні праезнай часткі дарогі, размешчаная злева, лічыцца яе сустрэчным бокам. На дарозе з аднабаковым рухам палова шырыні праезнай часткі дарогі, размешчаная злева, лічыцца левым бокам праезнай часткі.
-
76.
На дарозе з двухбаковым рухам пры наяўнасці ў кірунку руху двух і больш палос забараняецца выязджаць на сустрэчную паласу руху.
-
77.
На дарозе з двухбаковым рухам, якая мае тры паласы руху, пазначаныя гарызантальнай дарожнай разметкай (за выключэннем гарызантальнай дарожнай разметкі 1.9), з якіх сярэдняя паласа руху выкарыстоўваецца для руху ў абодвух напрамках, перастройвацца на гэтую паласу дазваляецца толькі для абгону, аб'езду перашкоды, павароту налева або развароту, пры гэтым паварот налева або разварот павінен ажыццяўляцца з гэтай паласы. Перастройвацца на сустрэчную крайнюю левую паласу руху забараняецца.
-
78.
Калі дарожнымі знакамі забаронены рух веласіпедыстаў, коннікаў і гужавых транспартных сродкаў, кіроўцы транспартных сродкаў павінны весці іх па магчымасці бліжэй да правага краю праезнай часткі дарогі (лініі гарызантальнай дарожнай разметкі 1.2, якая абазначае край праезнай часткі дарогі).
Калі такая забарона адсутнічае, то кіроўцы павінны весці транспартны сродак па магчымасці бліжэй да левага краю ў межах правай крайняй паласы руху.
-
79.
Пры руху перастройвацца на іншую паласу руху можна толькі перад абгонам, апярэджаннем, аб'ездам перашкоды, паваротам налева ці направа, разваротам або спыненнем. Пры гэтым:
-
79.1.
па-за населенымі пунктамі забараняецца займаць левыя палосы руху пры свабодных правых;
-
79.2.
пры трох і больш палосах руху ў дадзеным кірунку займаць крайнюю левую паласу руху дазваляецца толькі тады, калі занятыя іншыя палосы руху, або для апярэджання, аб'езду перашкоды, павароту налева ці развароту, а таксама для прыпынку, стаянкі на левым баку дарогі з аднабаковым рухам у выпадку, названым у падпункце 138.3 пункта 138 дадзеных Правіл;
-
79.3.
пры трох і больш палосах руху ў дадзеным кірунку забараняецца ажыццяўляць перастраенне на крайнюю правую паласу руху з мэтай апярэджання па ёй;
-
79.4.
грузавыя аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны, колавыя трактары і самаходныя машыны могуць перастройвацца ў іншыя палосы руху лявей за другую паласу толькі для аб'езду перашкоды, павароту налева ці развароту, а таксама для прыпынку, стаянкі на левым баку дарогі з аднабаковым рухам у выпадку, названым у падпункце 138.3 пункта 138 дадзеных Правіл;
-
79.5.
у населеных пунктах маршрутныя транспартныя сродкі, якія ажыццяўляюць рэгулярныя гарадскія перавозкі, павінны рухацца па вылучанай для іх паласе руху, а пры яе адсутнасці — па крайняй правай паласе руху. Перастройвацца на іншыя палосы руху можна толькі для аб'езду перашкоды, павароту налева ці развароту. Маршрутным транспартным сродкам, што ажыццяўляюць рэгулярныя гарадскія перавозкі, дазваляецца апярэджанне транспартных сродкаў, якія рухаюцца па крайняй правай паласе руху з хуткасцю менш за 40 км/г, па другой справа паласе руху;
-
79.6.
у выпадку ўзнікнення затору, які перашкаджае руху транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння, кіроўцы павінны забяспечыць «калідор бяспекі», па якім дазваляецца праезд толькі названых транспартных сродкаў. Для гэтага транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ў крайняй левай паласе руху, павінны заняць у гэтай паласе крайняе правае становішча.
-
80.
Транспартныя сродкі, хуткасць руху якіх не павінна перавышаць 40 км/г або якія па тэхнічных прычынах не могуць развіваць больш высокую хуткасць руху ў параўнанні з названай, павінны рухацца па крайняй правай паласе руху, акрамя выпадкаў абгону, апярэджання, аб'езду перашкоды або перастраення перад паваротам або разваротам.
-
81.
Рух па трамвайных пуцях спадарожнага напрамку, якія размешчаны злева на адным узроўні з праезнай часткай дарогі, дазваляецца толькі для апярэджання (па-за пазначанымі і рэгулюемымі скрыжаваннямі), аб'езду перашкоды пры ўмове, што ўсе палосы руху ў дадзеным кірунку занятыя, а таксама для павароту налева ці развароту ў адпаведнасці з пунктам 64 дадзеных Правіл. Пры гэтым забараняецца выязджаць на трамвайныя пуці сустрэчнага напрамку і ажыццяўляць рух па іх, а таксама рух па трамвайных пуцях спадарожнага напрамку пры наяўнасці канструктыўна выдзеленай над праезнай часткай дарогі пасадачнай пляцоўкі, з якой ажыццяўляецца пасадка (высадка) пасажыраў у трамвай.
-
82.
На дарозе, праезная частка якой падзелена на палосы руху лініямі гарызантальнай дарожнай разметкі, рух транспартных сродкаў павінен ажыццяўляцца строга па гэтых палосах. Наязджаць на перарывістыя лініі гарызантальнай дарожнай разметкі дазваляецца толькі пры манеўраванні.
-
83.
Пры павароце на дарогу з рэверсіўным рухам кіроўца павінен кіраваць транспартным сродкам такім чынам, каб пры выездзе з перасячэння праезных частак дарог транспартны сродак заняў крайнюю правую паласу руху. Перастраенне можна ажыццяўляць толькі пасля таго, як кіроўца пераканаецца, што рух у дадзеным напрамку дазваляецца і па іншых палосах руху.
-
84.
Забараняецца рух транспартных сродкаў па ўзбочынах, тратуарах, веласіпедных, пешаходных дарожках і дарожках для коннікаў, за выключэннем выпадкаў, названых у частцы другой пункта 26, пунктах 68, 138, 148, 152 і падпункце 160.2 пункта 160 дадзеных Правіл. Дапускаецца рух па названых элементах дарогі транспартных сродкаў дарожна-эксплуатацыйнай і камунальнай службаў, аўтамабіляў з нахіленай белай паласой на бартах, а таксама іншых транспартных сродкаў, якія абслугоўваюць гандлёвыя і іншыя арганізацыі, размешчаныя непасрэдна каля ўзбочын, тратуараў, веласіпедных, пешаходных дарожак, дарожак для коннікаў або пешаходных зон, пры адсутнасці іншых магчымасцей пад'езду. Пры гэтым павінна быць забяспечана бяспека дарожнага руху.
-
85.
Кіроўца абавязаны прытрымлівацца такой дыстанцыі да транспартнага сродку, які рухаецца наперадзе, якая дазволіла б пазбегнуць сутыкнення ў выпадку яго экстранага тармажэння або спынення, і неабходны бакавы інтэрвал, які забяспечвае бяспеку дарожнага руху, з транспартнымі сродкамі, якія стаяць або рухаюцца па суседніх палосах руху.
-
86.
На дарозе па-за населеным пунктам кіроўца транспартнага сродку даўжынёй больш за 10 метраў або хуткасць руху якога не павінна перавышаць 40 км/г, або якое па тэхнічных прычынах не можа развіваць больш высокую хуткасць руху ў параўнанні з названай, абавязаны падтрымліваць паміж кіруемым ім транспартным сродкам і тым транспартным сродкам, які рухаецца наперадзе, дыстанцыю, якая дазваляе транспартным сродкам, што здзяйсняюць абгон, бесперашкодна перастройвацца на раней займаную паласу руху.
Гэта правіла не дзейнічае ў выпадках, калі кіроўцы названых транспартных сродкаў здзяйсняюць абгон або рыхтуюцца да яго, а таксама пры руху ў калоне з трох і больш транспартных сродкаў, пазначаных апазнавальнымі знакамі «Калона», і ў арганізаванай транспартнай калоне.