-
35.
Патрабаванне рэгуліроўшчыка аб спыненні транспартнага сродку выражаецца шляхам падачы сігналу жазлом ці жэстам рукі, а таксама з дапамогай гукаўзмацняльніка. Для дадатковага прыцягнення ўвагі ўдзельнікаў дарожнага руху рэгуліроўшчык можа падаваць сігнал свістком. Кіроўца павінен спыніцца ў паказаным яму рэгуліроўшчыкам месцы.
Сігналы рэгуліроўшчыка абавязковыя для выканання ўдзельнікамі дарожнага руху, нават калі яны не адпавядаюць патрабаванням сігналаў святлафораў і іншых тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху.
-
36.
Сігналы рэгуліроўшчыка маюць наступныя значэнні:
-
36.1.
рукі выцягнутыя ў бакі ці апушчаныя:
-
36.1.1.
з боку левага і правага бока дазволена: трамваю — рух прама, іншым транспартным сродкам — рух прама і направа, пешаходам — пераходзіць праезную частку дарогі;
-
36.1.2.
з боку грудзей і спіны: рух усіх транспартных сродкаў і пешаходаў забаронены;
-
36.2.
правая рука выцягнутая наперад:
-
36.2.1.
з боку левага боку дазволена: трамваю — рух налева, іншым транспартным сродкам — рух ва ўсіх кірунках;
-
36.2.2.
з боку грудзей: усім транспартным сродкам дазволены рух толькі направа;
-
36.2.3.
з боку правага боку і спіны: рух усіх транспартных сродкаў забаронены, пешаходам дазволена пераходзіць праезную частку дарогі за спінай рэгуліроўшчыка;
-
36.3.
рука паднятая ўверх: рух усіх транспартных сродкаў і пешаходаў забаронены ва ўсіх кірунках, акрамя выпадкаў, прадугледжаных падпунктамі 50.1 і 50.2 пункта 50 дадзеных Правіл.
-
37.
Рэгуліроўшчык можа падаваць зразумелыя ўдзельнікам дарожнага руху сігналы, не названыя ў пункце 36 дадзеных Правіл.
-
38.
Святлафоры адносяцца да тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху і прымяняюцца для рэгулявання чарговасці пропуску транспартных сродкаў і пешаходаў, а таксама для пазначэння небяспечных участкаў дарог. Святлафоры падзяляюцца на транспартныя і пешаходныя.
Са святлафорамі можа прымяняцца дадатковае абсталяванне: экраны, інфармацыйныя секцыі, інфармацыйныя і пазначальныя таблічкі, лічбавыя табло, кнопкі ўключэння дазваляльнага сігналу для пешаходаў (табло выклікальныя пешаходныя). У святлафорах прымяняюцца светлавыя сігналы зялёнага, жоўтага, чырвонага і бела-месяцовага колераў.
У залежнасці ад прызначэння сігналы святлафораў могуць быць круглымі, у выглядзе стрэлкі (стрэлак), сілуэта пешахода, веласіпеда, трамвая і Х-падобныя.
Святлафоры з круглымі сігналамі могуць мець адну ці дзве дадатковыя секцыі з сігналамі ў выглядзе зялёнай стрэлкі (стрэлак), якія размяшчаюцца на ўзроўні зялёнага круглага сігналу.
Святлафоры з Х-падобным чырвоным сігналам, жоўтым сігналам у выглядзе стрэлкі (пры яго наяўнасці), скіраванай направа, і зялёным сігналам у выглядзе стрэлкі, скіраванай уніз, называюцца рэверсіўнымі і прызначаны для рэгулявання руху транспартных сродкаў па палосах праезнай часткі дарогі, па якіх напрамак руху можа змяняцца на процілеглы.
-
39.
Круглыя сігналы святлафора маюць наступныя значэнні:
-
39.1.
зялёны сігнал дазваляе рух;
-
39.2.
зялёны перарывісты сігнал дазваляе рух і інфармуе, што час яго дзеяння заканчваецца і неўзабаве будзе ўключаны забараняльны сігнал;
-
39.3.
жоўты сігнал папярэджвае аб маючай адбыцца змене сігналаў і забараняе рух, акрамя выпадкаў, названых у падпунктах 50.1, 50.2 пункта 50 і пункце 106 дадзеных Правіл;
-
39.4.
жоўты перарывісты сігнал дазваляе рух і інфармуе аб наяўнасці нерэгулюемага скрыжавання ці пешаходнага пераходу, папярэджвае аб магчымай небяспецы для руху;
-
39.5.
чырвоны сігнал, у тым ліку перарывісты (два міганні чырвонага сігналу), забараняе рух;
-
39.6.
спалучэнне чырвонага і жоўтага сігналаў забараняе рух і інфармуе аб маючым адбыцца ўключэнні зялёнага сігналу.
-
40.
Сігналы святлафора, выкананыя ў выглядзе стрэлак чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў, маюць тое ж значэнне, што і круглыя сігналы адпаведнага колеру. Рух ажыццяўляецца пры ўключэнні дазваляльнага сігналу святлафора толькі ў напрамках, паказаных стрэлкамі. Замест чырвоных, жоўтых і зялёных стрэлак у тым жа значэнні могуць выкарыстоўвацца круглыя чырвоныя, жоўтыя і зялёныя сігналы з нанесенымі на іх чорнымі контурнымі стрэлкамі.
Пры гэтым стрэлка, якая дазваляе паварот налева, дазваляе і разварот, калі гэта не забаронена адпаведным дарожным знакам. Такое ж значэнне мае зялёная стрэлка ў дадатковай секцыі. Выключаны сігнал дадатковай секцыі азначае забарону руху ў напрамку, які рэгулюецца гэтай секцыяй.
-
41.
Калі на асноўны зялёны сігнал святлафора нанесена чорная контурная стрэлка (стрэлкі), то яна інфармуе кіроўцаў аб наяўнасці дадатковай секцыі святлафора і паказвае іншыя, чым сігнал дадатковай секцыі, дазволеныя напрамкі руху.
-
42.
Калі сігнал святлафора выкананы ў выглядзе зялёнага або чырвонага сілуэта пешахода, то яго дзеянне распаўсюджваецца толькі на пешаходаў. Зялёны сігнал дазваляе, а чырвоны забараняе рух пешаходаў. Пры гэтым:
-
42.1.
перарывісты зялёны сігнал пешаходнага святлафора забараняе выхад пешаходаў на праезную частку дарогі з тратуара або астраўка бяспекі, але дазваляе пешаходам, якія знаходзяцца на праезнай частцы, працягнуць рух у тым жа напрамку да астраўка бяспекі (пры яго наяўнасці) або завяршыць пераход праезнай часткі дарогі (пры адсутнасці астраўка бяспекі);
-
42.2.
калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на праезнай частцы дарогі, на якой адсутнічае астравок бяспекі, то пешаход павінен завяршыць пераход праезнай часткі дарогі;
-
42.3.
калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на праезнай частцы дарогі да астраўка бяспекі, то пешаход павінен працягнуць рух у тым жа кірунку да астраўка бяспекі і спыніцца на ім;
-
42.4.
калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на астраўку бяспекі, то пешаход павінен заставацца на ім да ўключэння дазваляльнага сігналу святлафора;
-
42.5.
калі чырвоны сігнал пешаходнага святлафора заспеў пешахода на праезнай частцы дарогі пасля астраўка бяспекі, то пешаход павінен завяршыць пераход праезнай часткі дарогі;
-
42.6.
для інфармавання пешаходаў аб тым, што ў перыяд дазволенага для іх руху па пешаходным пераходзе праз пераход могуць рухацца транспартныя сродкі, якія выконваюць на скрыжаванні правы і (або) левы паварот, дазваляльны сігнал пешаходнага святлафора можа быць дапоўнены па перыметры кальцом жоўтага колеру;
-
42.7.
для дадатковага інфармавання пешаходаў аб магчымасці перасячэння праезнай часткі дарогі светлавыя сігналы святлафораў могуць быць дапоўнены гукавым сігналам;
-
42.8.
для інфармавання пешаходаў пра час чакання дазваляльнага сігналу і (або) пра час, які застаўся для бяспечнага завяршэння пераходу праезнай часткі дарогі, сумесна з пешаходнымі святлафорамі могуць прымяняцца лічбавыя табло;
-
42.9.
пры адсутнасці на пешаходным пераходзе пешаходнага святлафора пешаходы павінны кіравацца сігналамі транспартнага святлафора.
-
43.
Калі на сігналы святлафора нанесены сілуэты веласіпеда або пад транспартным святлафорам устаноўлена пазначальная таблічка белага колеру з чорным сілуэтам веласіпеда, дзеянне сігналаў такога святлафора распаўсюджваецца толькі на веласіпедыстаў. Значэнні сігналаў святлафора для іх аналагічныя значэнню круглых сігналаў, названых у пункце 39 дадзеных Правіл.
Калі пад пешаходным святлафорам устаноўлена пазначальная таблічка белага колеру з чорным сілуэтам веласіпеда, дзеянне сігналаў такога святлафора распаўсюджваецца і на веласіпедыстаў.
Пры перасячэнні праезнай часткі па рэгулюемым пешаходным пераходзе і адсутнасці святлафора, што рэгулюе рух веласіпедыстаў, кіроўцы веласіпедаў павінны прытрымлівацца сігналаў пешаходнага святлафора, а пры яго адсутнасці - сігналамі транспартнага святлафора.
-
44.
Чырвоны сігнал рэверсіўнага святлафора забараняе, а зялёны дазваляе рух.
Пры выключаных сігналах рэверсіўнага святлафора, які размешчаны над паласой руху, пазначанай з абодвух бакоў гарызантальнай дарожнай разметкай 1.9, уезд на гэтую паласу забаронены.
Асноўныя сігналы рэверсіўнага святлафора могуць быць дапоўнены жоўтым сігналам у выглядзе стрэлкі, нахіленай па дыяганалі ўніз направа, уключэнне якой інфармуе аб маючай адбыцца змене сігналу і неабходнасці перастроіцца на паласу руху справа.
-
45.
Для рэгулявання руху трамваяў, а таксама іншых маршрутных транспартных сродкаў, якія рухаюцца па вылучанай для іх паласе руху, могуць прымяняцца святлафоры:
— аднакаляровай сігналізацыі з чатырма круглымі сігналамі бела-месяцовага колеру, размешчанымі ў выглядзе літары «Т», пры гэтым рух дазваляецца толькі пры ўключэнні адначасова ніжняга сігналу і аднаго або некалькіх верхніх, з якіх левы азначае рух налева (на разварот для маршрутных транспартных сродкаў, акрамя трамвая), сярэдні — прама, правы — направа. Калі ўключаны толькі тры верхнія сігналы, рух забаронены;
— двухколернай сігналізацыі з вертыкальным або гарызантальным размяшчэннем сігналаў, адзін з якіх выкананы ў выглядзе чырвонага сілуэта трамвая на чорным фоне, а другі — у выглядзе стрэлкі бела-месяцовага колеру на чорным фоне (толькі для рэгулявання руху трамваяў). Бела-месяцовы сігнал такога святлафора дазваляе рух трамваяў у кірунку, які паказвае стрэлка, чырвоны сігнал забараняе рух трамваяў у гэтым кірунку. Святлафоры могуць быць дапоўнены таблічкай белага колеру з чорным сілуэтам трамвая.
Кіроўцы трамваяў і іншых маршрутных транспартных сродкаў, якія рухаюцца па вылучанай для іх паласе руху, павінны кіравацца сігналамі святлафораў, названымі ў частцы першай гэтага пункта, у выпадках прымянення гэтых святлафораў сумесна з іншымі транспартнымі святлафорамі.
-
46.
Для рэгулявання руху на чыгуначных пераездах прымяняюцца святлафоры з двума чырвонымі сігналамі або адным бела-месяцовым і двума чырвонымі сігналамі, якія маюць наступныя значэнні:
-
46.1.
перарывістыя чырвоныя сігналы забараняюць рух транспартных сродкаў праз чыгуначны пераезд. Адначасова з гэтымі сігналамі павінен быць уключаны гукавы сігнал, які дадаткова інфармуе ўдзельнікаў дарожнага руху аб забароне руху праз чыгуначны пераезд;
-
46.2.
перарывісты бела-месяцовы сігнал інфармуе аб спраўнасці сігналізацыі і не забараняе рух транспартных сродкаў;
-
46.3.
выключаныя чырвоны і бела-месяцовы сігналы значаць, што сігналізацыя не працуе цi няспраўная. У гэтым выпадку дазваляецца рух транспартных сродкаў пасля таго, як кіроўца пераканаецца ў адсутнасці чыгуначнага транспартнага сродку.
-
47.
Для пазначэння нерэгулюемых скрыжаванняў і пешаходных пераходаў могуць прымяняцца святлафоры з адным або двума перарывістымі жоўтымі сігналамі.
-
48.
На скрыжаванні пры забараняльным сігнале рэгуліроўшчыка або святлафора кіроўцы павінны спыніцца перад дарожным знакам «Стоп-лінія» (лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі 1.12), а пры яе адсутнасці:
-
48.1.
перад святлафорам, кіруючыся пунктам 106 дадзеных Правіл;
-
48.2.
перад пешаходным пераходам — пры адсутнасці святлафора;
-
48.3.
перад бліжэйшым да кіроўцы краем тратуара — пры адсутнасці святлафора і пешаходнага пераходу;
-
48.4.
перад краем перасякаемай праезнай часткі дарогі — пры адсутнасці святлафора, пешаходнага пераходу і тратуара.
-
49.
Па-за скрыжаваннем пры забараняльным сігнале рэгуліроўшчыка або святлафора (акрамя рэверсіўнага) кіроўцы павінны спыніцца перад дарожным знакам «Стоп-лінія» (лініяй гарызантальнай дарожнай разметкі 1.12), а пры яго адсутнасці:
-
49.1.
на рэгулюемым пешаходным пераходзе — перад святлафорам, а пры яго адсутнасці — перад пешаходным пераходам;
-
49.2.
перад чыгуначным пераездам — у адпаведнасці з пунктам 129 дадзеных Правіл;
-
49.3.
у іншых месцах — перад рэгуліроўшчыкам або святлафорам, не ствараючы перашкоды і небяспекі для дарожнага руху.
-
50.
Пры ўзняцці рэгуліроўшчыкам рукі ўверх або ўключэнні жоўтага сігналу святлафора:
-
50.1.
кіроўцам, якія не могуць спыніцца, не звяртаючыся да экстранага тармажэння, у месцах, вызначаных пунктамі 48 і 49 дадзеных Правіл, дазваляецца далейшы рух;
-
50.2.
пешаходам, якія знаходзяцца на праезнай частцы дарогі, дазваляецца працягнуць рух у тым жа кірунку да астраўка бяспекі (пры яго наяўнасці) або завяршыць пераход праезнай часткі дарогі (пры адсутнасці астраўка бяспекі);
-
50.3.
пешаходам забараняецца:
-
50.3.1.
выходзіць на праезную частку дарогі;
-
50.3.2.
пакідаць астравок бяспекі.