11 кастрычніка ў мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася прэзентацыя камп'ютарнай вучэбнай праграмы правіл дарожнага руху на рускай і беларускай мовах.
Як адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, грамадскае аб’яднанне даўно было заклапочанае тым, што людзі, якія хацелі атрымаць правы кіроўцаў на беларускай мове, не мелі магчымасці гэта зрабіць. «Для гэтага трэба было вырашыць шэраг задач: падрыхтаваць ПДР па-беларуску і выдаць іх, падрыхтаваць беларускамоўныя электронныя версіі неабходнай метадычнай літаратуры (канспект па правілах) і вучэбнай праграмы (тэставыя заданні з каментарамі і білеты). Прычым апошняя частка нашай задумы наўрад ці была б ажыццёўлена, калі б не сталічнае Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Новы паварот”. Бо ў іх ёсць ўсё неабходнае для такой працы, у тым ліку вопыт практычнай дзейнасці па складанні тэставых заданняў і іх выкарыстанні. І самае галоўнае, што кіраўніцтва гэтага таварыства зацікавілася складаннем тэставых заданняў на беларускай мове», — сказала Анісім. Яна выказала ўдзячнасць кампаніі «Новы паварот» і падкрэсліла, што падрыхтоўкай вучэбнай праграмы ПДР па-беларуску завершылася фармаванне комплексу вучэбных матэрыялаў для таго, каб любы ахвочы змог на беларускай мове атрымаць правы кіроўцаў транспартных сродкаў катэгорый «А» і «Б». Прычым гэтым комплексам могуць карыстацца не толькі навучэнцы школ і курсаў кіроўцаў, але і іншыя ўдзельнікі дарожнага руху – пешаходы і пасажыры, сказала намеснік старшыні ТБМ. «Такім чынам, зараз нішто не замінае людзям атрымліваць правы кіроўцаў на беларускай мове», — паведаміла Анісім.
Паводле слоў Алега Куніцкага, акрамя апошняй версіі ПДР на кампакт-дыску можна знайсці змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўступілі ў сілу з 12 студзеня 2011 году, а таксама неабходныя матэрыялы па медыцынскай падрыхтоўцы і пытанням бяспекі руху. «Зараз мы рапрацоўваем такую праграму для выкладчыкаў аўташкол і да пачатку наступнага году гэтая праца будзе завершана. Пасля апрабавання ў Цэнтральным аўта-вучэбным камбінаце яна будзе перададзена ў аўташколы краіны. Дарэчы, выданнем праграмы па ПДР “Новы паварот” займаецца з 1998 году», — сказаў Куніцкі.
Анісім назвала кампакт-дыск «узорным прадуктам для дзяржаўнага дзвюхмоўя, бо ў ім рэалізуюцца ўсе лінгвістычныя правы рускамоўных і беларускамоўных грамадзян».
Яна паведаміла, што наступным крокам ТБМ ў абароне лінгвістычных правоў беларускамоўных грамадзян стане падрыхтоўка міжнароднага сертыфіката беларускай мовы, над якім сябры грамадскага аб’яднання ўжо пачалі працу і стварылі адпаведную рабочую групу. «Справа ў тым, што пад час вывучэння беларускай мовы замежнымі грамадзянамі яны пакуль не атрымліваюць такога сертыфікату, які б пацвярджаў іх валоданне беларускай мовай на адпаведным узроўні. Паколькі такія сертыфікаты распрацаваны для іншых еўрапейскіх моў, нашая праца ў гэтым накірунку адпавядае еўрапейскай традыцыі», — адзначыла Анісім.
Марат Гаравы
Масава-палітычная газета «Новы час»