20 сакавіка на сядзібе Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны (вул.Румянцава, 13) адбылася прэзентацыя першых у гісторыі краіны Правілаў дарожнага руху па-беларуску.
Гэта першае выданне Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь на беларускай мове, якое дапаможа ахвотным вывучаць ПДР і здаваць на дзяржаўнай беларускай мове экзамены на атрыманне правоў кіроўцы. Яно падрыхтавана сябрамі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
У прадмове да выдання першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім зазначае, што да іх неаднаразова звярталіся грамадзяне Беларусі са скаргамі на адсутнасць у аўташколах як Правілаў дарожнага руху, так і дапаможных матэрыялаў па іх вывучэнні выдадзеных па-беларуску.
ТБМ спрабавала вырашыць праблему шматразовымі зваротамі да ўладаў Беларусі, а таксама ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь з просьбай зацвердзіць і выдаць афіцыйны беларускамоўны варыянт правілаў. Аднак нягледзячы на пэўныя абяцанні, сітуацыя ніяк не вырашалася.
Таму ТБМ узяло ініцыятыву ў свае рукі. Перакладалі Правілы сябры ТБМ з Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі, а таксама Святлана і Юрась Гецэвічы, маладыя грамадзяне, якія хацелі самі навучацца кіраванню аўтамабілем на беларускай мове. Усе патрэбныя кансультацыі рабочая група атрымлівала ад супрацоўнікаў ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь праз перапіску і непасрэдны кантакт.
Правілы дарожнага руху па-беларуску пабачылі свет, дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Ўладзімеру Сіўчыкаву. Варта дадаць, што гэта даведачнае выданне, выдадзенае абмежаваным тыражом выдавецтвам «Радыёла-плюс».
Цяпер ТБМ распрацоўвае дадатковыя матэрыялы для беларускамоўных кіроўцаў.
Акрамя таго, адзначыла А. Анісім, ТБМ ужо пераклала адзін з канспектаў па вывучэнні правілаў дарожнага руху на беларускую мову. «Гэта той матэрыял, які змогуць выкарыстоўваць аўтаінструктары ў працы з беларускамоўнымі навучэнцамі аўташкол, — сказала яна. — Гэта матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у практыцы, падрыхтаваць экзамен для здачы на правы і г.д.».
Таксама Таварыствам беларускай мовы выкананы пераклад задач па ПДР на беларускую мову.